Беларусы на Волзе

24–26 мая 2018 года ў Кастрамскім дзяржаўным універсітэце адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Дні славянскага пісьменства. Славянскія мовы і дыялекты як аснова духоўна-маральнага і грамадзянскага выхавання». Канферэнцыя была арганізавана ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў на 2018–2020 гг. па выкананні дагавора аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Кастрамскім дзяржаўным універсітэтам.

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Кастрамскі дзяржаўны ўніверсітэт і Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Мэтамі канферэнцыі было абмеркаванне новых навуковых вынікаў у галіне славянскай філалогіі (славянскія мовы і дыялекты); узаемны абмен назапашанай інфармацыяй і ідэямі; умацаванне сувязей паміж вучонымі розных рэгіёнаў Расіі і Беларусі; пошук нераскрытых праблем і сумеснае іх вырашэнне шляхам супрацоўніцтва вучоных і арганізацый дзвюх краін.

Ключавымі праблемамі, вынесенымі на абмеркаванне, сталі пытанні паходжання славянскага пісьма, функцыянавання славянскіх літаратурных моў і дыялектаў, набыткі і перспектывы славянскай лексікаграфіі, даследаванне славянскіх старадрукаў і вывучэнне гісторыі і культуры славянскіх краін.

У канферэнцыі прынялі ўдзел вучоныя з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Волагды, Яраслаўля, Іванава, Кастрамы, краязнаўцы з Галіча і Мантурава, студэнты Інстытута педагогікі і псіхалогіі і Інстытута гуманітарных навук і сацыяльных тэхналогій. Беларускую дэлегацыю прадстаўлялі першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лукашанец, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Ірына Будзько і аспірантка першага года навучання Таццяна Пятрова. 23 мая, дзень напярэдадні канферэнцыі, быў абвешчаны Днём беларускай культуры. У гэты дзень беларускія вучоныя сустрэліся з кіраўніцтвам універсітэта, абмеркавалі планы супрацоўніцтва і перспектывы стварэння міжнароднага навуковага часопіса “Дыялекталогія і дыялектаграфія”. Акрамя таго, усе члены беларускай дэлегацыі выступілі з лекцыямі перад студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта. Тэматыка выступленняў была рознабаковая: беларуская мова ў сучаснай двухмоўнай прасторы (Аляксандр Лукашанец), асоба Францыска Скарыны і яго асветніцкая дзейнасць (Ірына Будзько), славянскія мовы і дыялекты як аснова фарміравання сучаснай сістэмы прозвішчаў беларусаў (Ігар Капылоў), гісторыка-культурная спадчына Беларусі на перакрыжаванні традыцый (Таццяна Пятрова).

Удзельнікаў канферэнцыі вітала кіраўніцтва горада, універсітэта, грамадскіх аб’яднанняў Кастрамы. Асабліва прыемна ўразіла мастацка-літаратурная кампазіцыя «Славянскія мовы і дыялекты: погляд скрозь  тысячагоддзе», падчас якой школьнікі і студэнты Кастрамы спецыяльна для гасцей мерапрыемства прачыталі па-беларуску вершы Максіма Багдановіча і праспявалі беларускія песні.

Рабочымі мовамі канферэнцыі былі заяўлены ўсе славянскія мовы. Але ў найбольшай ступені была прадстаўлена беларуская мова: даклады на пленарным пасяджэнні вучоных НАН Беларусі гучалі па-беларуску (Аляксандр Лукашанец «Беларуская мова ў сучасным славянскім кантэксце», Ігар Капылоў – «Роля газеты “Наша Ніва” (1906–1915) у станаўленні нацыянальнай свядомасці беларусаў», Ірына Будзько –«Старабеларуская пісьменнасць: традыцыі Старажытнай Русі і наватарства»).

У рамках работы канферэнцыі прайшла прэзентацыя трох выданняў: вучэбнага комплекса Ніны Ганцоўскай «Костромские говоры», «Словаря вологодского режского говора», манаграфіі Аляксея Бурыкіна «“Слово о полку Игореве”: текст, лексика, автор». Апошняе выданне  мела характар сапраўднай навуковай сенсацыі: у выніку шматгадовага і мнагамернага вывучэння тэксту «Слова...» пецярбургскі лінгвіст прапанаваў пераканаўчую навуковую тэорыю, кім мог быць аўтар гэтага знакамітага помніка.

У фармаце канферэнцыі былі прадугледжаны два выязныя пасяджэнні. Адно з іх «На зямлі А.М. Астроўскага» прайшло ў дзяржаўным мемарыяльным і прыродным музеі-запаведніку класіка рускай літаратуры «Шчалыкова», а другое – «Беларусы на Волзе» – у філіяле МУК «Музей гісторыі горада Яраслаўля – Цэнтр беларускай культуры. Музей Максіма Багдановіча».

На завяршэнне канферэнцыі былі падведзены вынікі і прынята рэзалюцыя. Супрацоўніцтва Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта будзе працягвацца. У бліжэйшай перспектыве плануецца правядзенне сумесных даследаванняў старабеларускіх помнікаў пісьмовай спадчыны XVI–XIX стагоддзяў з калекцыі Г.А. Ладыжэнскага, якія захоўваюцца ў фондах Кастрамскога гісторыка-архітэктурнага і мастацкага музея-запаведніка, падрыхтоўка даведніка «Беларускія пісьменнікі» і арганізацыя чытанняў твораў беларускіх пісьменнікаў у Кастраме з лінгвакультуралагічным каментарыем, майстар-класы па методыцы выкладання сучасных славянскіх моў у кантэксце міжкультурных камунікацый, работа па сістэматызацыі, навуковай інтэрпрэтацыі і падрыхтоўцы да друку спадчыны вядомага беларуска-рускага вучонага-лінгвіста Г.З. Шкляра, распрацоўка сумеснага навуковага праекта «Супастаўляльнае даследаванне анамастычнага ландшафта Кастрамской вобласці і асобнага рэгіёна Беларусі», правядзенне падрыхтоўчых мерапрыемстваў па стварэнні беларускага зямляцтва ў Кастраме.

   Ігар Капылоў, Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы