Адбыўся круглы стол “Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі”.

20 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбыўся круглы стол “Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі”. На пасяджэнні былі абмеркаваны актуальныя праблемы сучаснага стану беларускай медыцынскай тэрміналогіі; пытанні яе функцыянавання ў двухмоўным соцыуме; узровень лексікаграфічнай кадыфікацыі паняццяў і тэрмінаў, што ўжываюцца ў сферы медыцыны і аховы здароўя.

У рабоце круглага стала прынялі ўдзел акадэмік Лакотка Аляксандр Іванавіч, дырэктар ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”; акадэмік Лукашанец Аляксандр Аляксандравіч, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”; Капылоў Ігар Лявонавіч, дырэктар філіяла “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”; Таццяна Васільеўна Гнядзько, намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі; выкладчыкі медыцынскіх універсітэтаў краіны; урач, якая ажыццяўляе сваю прафесійную дзейнасць на беларускай мове; члены Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі; супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Янкі Купалы; прадстаўнікі дзяржаўных СМІ.

У прывітальным слове акадэмік А. І. Лакотка адзначыў важнасць і надзённасць праблемы, якая вынесена на абмеркаванне і пажадаў плённай і выніковай працы ўдзельнікам пасяджэння. Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І. Л. Капылоў, вітаючы прысутных,  пазнаёміў з гісторыяй медыцынскай тэрмінаграфіі, перыядамі ўздыму і спаду ў распрацоўцы і ўкладанні медыцынскіх даведнікаў; звярнуў увагу на наяўнасць значнай колькасці беларускамоўнай навуковай літаратуры па медыцыне, як сведчанне таго, што паўнавартаснае функцыянаванне беларускай мовы ў гэтай галіне навукі і сферы аховы здароўя ў нашай краіне цалкам магчыма.   

З паведамленнем “Дзяржаўнае двухмоўе і нацыянальная навуковая тэрміналогія” выступіў старшыня Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі акадэмік А.А. Лукашанец. Ён падкрэсліў, што важнасць праблемы, якая вынесена на абмеркаванне, абумоўлена найперш тым, што сфера медыцыны і аховы здароўя мае непасрэднае дачыненне да бяспекі жыцця грамадзян, а моўная кампетэнцыя – адзін з важных складнікаў жыццядзейнасці грамадства наогул. У адпаведнасці з прынцыпамі дзяржаўнага двухмоўя прадугледжваецца паўнавартаснае функцыянаванне беларускай мовы ў сферы аховы здароўя, чаго зараз не назіраецца, таму неабходна актывізаваць працэс пашырэння беларускай мовы ў гэтую сферу. Аляксандр Аляксандравіч нагадаў, што дзяржава, як гарант Канстытуцыі, павінна забяспечыць грамадзяніну права карыстацца любой дзяржаўнай мовай. Згодна з законам любы пацыент мае права атрымаць поўную інфармацыю ў той ці іншай медыцынскай установе на прыдатнай для яго мове. У сувязі з гэтым вялікая адказнасць за рэальнае ажыццяўленне гэтага права ўскладаецца на спецылістаў, якія працуюць у сферы аховы здароўя. Іх моўная кампетэнцыя непасрэдна звязана з бяспекай жыцця чалавека. Сказанае вымагае наяўнасці грунтоўнай тэрміналагічнай базы і такой сістэмы медыцынскай адукацыі, каб спецыяліст пасля заканчэння навучальнай установы мог ажыццяўляць на беларускай мове сваю прафесійную дзейнасць. На думку А.А. Лукашанца, беларускамоўная медыцынская тэрміналогія ўяўляе сабой добра распрацаваную сістэму, аднак неабходна ўніфікаваць і аптымізаваць працу па падрыхтоўцы вузкаспецыяльных дапаможнікаў, якія павінны ўпісвацца ў агульную тэрмінасістэму з улікам міжнародных стандартаў, адпавядаць нормам беларускай літаратурнай мовы,   быць зразумелымі і зручнымі для карыстальнікаў. Выдадзеныя нядаўна пад грыфам Міністэрства аховы здароўя слоўнікі медыцынскай тэрміналогіі (перакладны, тлумачальны, і нават дыялектны; аўтар В.І. Варанец) не адпавядаюць патрабаванням, што прад’яўляюцца да тэрміналагічных даведнікаў.  Слоўнікі В.І. Варанца рэкамендуюцца ў якасці навучальных дапаможнікаў для студэнтаў медыцынскіх устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што абумоўлівае наяўнасць грыфа Міністэрства адукацыі, які адсутнічае на даведніках, падрыхтаваных Віктарам Іванавічам.  

А.А. Лукашанец выказаў надзею, што абмеркаванне ўзнятай праблемы дазволіць выпрацаваць канструктыўныя прапановы па далейшай распрацоўцы і ўпарадкаванні медыцынскай тэрміналогіі.

Вучоны сакратар Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі                         І.У. Кандраценя ў сваім выступленні акцэнтавала ўвагу прысутных на пытаннях, актуальных для тэрмінаграфіі наогул, у тым ліку і для беларускай. Яна адзначыла, што недахопы, якія існуюць у сучасных слоўніках,  – не толькі праблема беларускай мовы. Напрыклад, аналіз даследчыкамі тэрмінаграфіі на англійскай, нямецкай мовах выявіў: парушэнне прынцыпу родавідавай стуктуры дэфініцый, адсутнасць у аднатыповых паняццяў аднатыповых тлумачэнняў, адсутнасць сувымернасці ў азначэннях, бессістэмнасць адсылак (у нашым выпадку іх адсутнасць), адсутнасць упарадкаванасці ў азначэннях структурных дублетаў і інш. Названыя і некаторыя іншыя недахопы былі праілюстраваны фактамі з “Руска-беларускага тлумачальнага слоўніка медыцынскіх тэрмінаў” (аўтар В.І. Варанец). У сувязі з гэтым, на думку І.У. Кандрацені, укладальнікам тэрміналагічных даведнікаў трэба вельмі адказна ставіцца да працэсу стварэння слоўнікаў. Адзін аўтараў слоўніка анатамічных тэрмінаў (Анатомический словарь: русско-белорусско-латинский, белорусско-латинский, латинско-белорусский. С.П.Ярошевич, Л.Н.Бойцов, Д.В.Ковалева, П.И.Лобко. -Мн.: Дизайн ПРО, 1998. – 480 с.), выкладчык Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта С.П. Ярашэвіч асаблівую ўвагу звяртаў на неабходнасць выкарыстання ва ўсіх сферах медыцынскай дзейнасці адзінай прафесійнай мовы, заснаванай на новай анатамічнай тэрміналогіі (павінна быць ажыццёўлена работа па стварэнні і зацвярджэнні афіцыйнага спісу беларускіх эквівалентаў да Міжнароднай анатамічнай тэрміналогіі). Аднак для паспяховага прымянення адзінай міжнароднай анатамічнай тэрміналогіі мала яе распрацаваць, зацвердзіць і надрукаваць. Неабходна і матывацыя да яе пашыранага выкарыстання.       І.У. Кандраценя адзначыла, што карыстальнікі беларускамоўнай тэрміналогіі скардзяцца не столькі на яе недахоп, колькі на неаднастайнасць  кадыфікацыі. Аўтарам слоўнікаў трэба асаблівую ўвагу звярнуць на тэрміналагічную дысцыпліну, а для павышэння яе ўзроўню неабходна ствараць рабочыя тэрміналагічныя групы пры адпаведных галіновых ведамствах і ўстановах, праводзіць абавязковую тэрміналагічную экспертызу рукапісаў слоўнікаў, вучэбных і навуковых выданняў.

З паведамленнем пра асаблівасці працэсу тэрміналагізацыі агульнаўжывальных слоў, важнасць дакладнасці, правільнасці фармулёвак дэфініцый пры лексікаграфаванні спецыяльнай лексікі выступіла член Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Н.В. Лаўрыновіч. К.П. Любецкая, загадчык кафедры рускай мовы як замежнай і агульнаадукацыйных дысцыплін УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”, член Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі ў сваім выступленні падкрэсліла актуальнасць праблемы, якая вынесена на абмеркаванне, паколькі стан здароўя для кожнага чалавека – гэта паўсядзённы клопат. Яна адзначыла, што існуе даволі прадстаўнічая матэрыяльная база медыцынскай тэрміналогіі, але на канкрэтным матэрыяле Кацярына Пятроўна прадэманстравала наяўнасць варыянтнасці ў тэрміналагічных даведніках, чаго трэба пазбягаць і над гэтым трэба працаваць.

З цікавасцю было ўспрынята паведамленне В.М. Курцовай, загадчыка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, члена Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пра “Дыялектны слоўнік медыцынскай тэрміналогіі” (аўтар В.І. Варанец) у сувязі з пытаннем уключэння ў тэрміналагічныя слоўнікі нацыянальнай лексікі. Прыводзім выступленне Веранікі Мікалаеўны цалкам.

“«Дыялектны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў Беларусі» (Гродна, 2016), падрыхтаваны да друку Віктарам Варанцом, выкладчыкам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, належыць да адметных выданняў. Яго назва ўказвае на наяўнасць у народных гаворках лексічных адзінак, якія існуюць ці могуць выкарыстоўвацца ў медыцынскай практыцы ў якасці гатовых тэрмінаў. На самай справе тэрмінаў у гаворках няма, бо тэрмінам агульнаўжывальная лексіка становіцца ў тым выпадку, калі яна набывае азначэнне.

В. І. Варанец, каб падрыхтаваць своеасаблівы даведнік, у які ўключана каля пяцісот слоў з беларукіх народных гаворак, прарабіў вялікую працу. Ён праглядзеў значную колькасць дыялектных лексікаграфічных крыніц, суадносячы матэрыялы розных выданняў, адбіраючы з іх толькі тыя словы, якія маюць статус адзінкавых або рэдкаўжывальных. Праўда, працу гэту можна было намнога спрасціць, калі б аўтар звярнуўся да іншых навуковых крыніц, якія існуюць у нацыянальнай дыялекталогіі. Гэта найперш сістэматызаваныя слоўнікі, укладзеныя на ідэаграфічных прынцыпах, Раслінны свет: тэматычны слоўнік (Мінск, 2001), “Чалавек: тэматычны слоўнік (Мінск, 2006), а таксама іншыя кнігі з гэтай серыі. Вялікай падтрымкай у такой справе з’явіўся б і “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: у 5 тамах” (Мінск, 19931998). Аднак пералічаныя публікацыі як крыніцы па адборы народнай лексікі не ўзгадваюцца, таму нельга сказаць, ці вядомы яны аўтару.

Праца В. І. Варанца нагадвае выданне, накіраванае на пошукі экзатызмаў у беларускіх народных гаворках. Іх сапраўды шмат у дыялектнай мове, што  аўтар паспрабаваў адлюстраваць у слоўніку. Напрыклад, у якасці паняцця ноздры ён прапануе слова шнірпшлі. Апошняе належыць да запазычанняў з літоўскай мовы, у беларускіх гаворках зафіксавана толькі адзінкава ў Воранаўскім раёне. Не менш дзіўным для тых, хто ведае беларускую мову, стане слова арбы. Так трэба называць дрэва рабіну. Замест добра вядомых назваў падарожніка (трыпутніка) ва ўжытак уводзіцца слова бабнык, фанетычнае аблічча якога паказвае, што яно з заходнепалескіх гаворак. Трэба сказаць, не адразу і не кожны з нас зразумее, што паскавіца – гэта сківіца, а баякхвоя, сасна. Такіх слоў большасць. Іх цяжка ўспрымаць не толькі студэнту-першакурсніку, але і філолагу наогул.

Памкненне аўтара ўключыць у слоўнік адметнае, рэдкае прыводзіць да выкарыстання слоў з аднолькавым значэннем, але адрозных фанетычна, словаўтваральна ці структурна. Таму для назвы крапівы  побач з браківа ўжываецца кастрыва; словамі мызынчык, мязінец, медзены палец абазначаецца мезенец ‘пяты, самы малы палец на руцэ і назе’; назву страўнік ‘орган стрававання чалавека’ прапануецца замяніць лексемамі кіндзюк, брух; замест лексемы вяснушкі выкарыстоўваць бацянкі, шпегі і г. д.

Як вядома, тэрміналогія імкнецца пазбегнуць семантычнай ці іншай дублетнасці. Ці паскорыць засваенне студэнтамі новых, у большасці невядомых слоў не толькі як адзінкавых, а ў пары з малавядомымі сінонімамі, – пытанне адкрытае.

Хацелася б закрануць і такі аспект слоўніка, як сістэмнасць у адлюстраванні лексічнага матэрыялу. Напрыклад, для назвы вока і вачэй прапаноўваецца засвоіць: ако ‘вока’, гока ‘вока’, глазы ‘вочы’, вочны  доктар ‘акуліст’; для абазначэння сківіц ужываць слова пашчэмкі,  для адной  паскавіца.  

Невялікая колькасць прыведзеных прыкладаў, узятых са слоўніка «Дыялектны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў Беларусі», паказвае, што яго аўтар В. І. Варанец вельмі адвольна разумее прынцыпы адбору лексікі для ўкладання тэрміналагічнага даведніка і яго сістэматызацыі. Гэта глыбока суб’ектыўны  падыход, дзе ігнаруюцца пошукі і здабыткі ў справе ўпарадкавання медыцынскай тэрміналогіі на народнай аснове. Такую спробу нельга ахарактарызаваць як станоўчую і па іншай прычыне. У прапанаваным слоўніку адмаўляецца пераемнасць у навучанні. Усё тое, што ведалі школьнікі, чым яны карысталіся  на працягу школьнага навучання, ім трэба забыць. Трэба выкрасліць з памяці, што ёсць галаўны мозг і засвоіць глузды, запомніць, што касцявы мозг гэта мозак, рана  болька, ігліцабадзюк, плечывзы

Цяжка паверыць, што такі слоўнік саслужыць добрую справу пры засваенні тэрміналагічнай лексікі,  быццам бы ўгрунтаванай на лексічных багаццях беларускіх народных гаворак. Здаецца, ён не прынясе карысці пры вывучэнні беларускай літаратурнай мовы наогул”.

     Выступленні выкладчыкаў медыцынскіх навучальных устаноў паказалі, што і выкладчыкі, і студэнты зацікаўлены ў пашырэнні функцыянавання беларускай мовы як у адукацыйным працэсе, так і ў прафесійнай дзейнасці. Так, па словах старшага выкладчыка кафедры рускай і беларускай моў БДМУ Алесі Носік, па выніках апытання студэнтаў у 2014 – 2015 навучальным годзе (апытанні праводзяцца з перыядычнасцю праз 2 – 3 гады): ці згодны вы атрымліваць адукацыю на беларускай мове па ўсіх прадметах пры ўмове наяўнасці навучальнай літаратуры і адпаведнай падрыхтоўкі выкладчыкаў з 385 апытаных станоўчы адказ (згодны) далі 210 студэнтаў, астатнія – не, аднак катэгарычных адказаў было мала, большасць тлумачылі сваё нежаданне тым, што папярэдні рускамоўны адукацыйны этап стварае цяжкасці ў пераходзе на беларускую мову. Загадчык кафедры рускай і беларускай моў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта        М.А. Дзерабіна падкрэсліла, што нягледзячы на тое, што ёсць тыя, хто выступае супраць працэсаў беларусізацыі ў адукацыі, многія  і выкладчыкі, і студэнты станоўча ставяцца да беларускамоўнай адукацыі, праяўляюць ініцыятыву. У якасці аднаго  з прыкладаў такой пазіцыі Марына Афанасьеўна прывяла той факт, што ў план работы лабараторыі   інавацыйных тэхналогій універсітэта ўключана шэраг мерапрыемстваў, якія датычацца пытанняў беларускай мовы, менавіта медыцынскай тэрміналогіі, і ў межах гэтых мерапрымстваў актыўна працуюць як выкладчыкі, так і студэнты лячэбнага, фармацэўтычнага і стаматалагічнага факультэтаў. А.І. Грынкевіч, дацэнт кафедры беларускай і рускай моў БДМУ, пацвярджаючы жаданне многіх валодаць беларускай мовай у прафесійнай дзейнасці, прадставіла, што вельмі каштоўна, выданне “Анатомия: словарь” (2016 г.), якое ўяўляе сабой першую спробу выдання галіновага даведніка ў Беларусі, у якім прыведзены беларускія адпаведнікі міжнароднаму стандартызаванаму спісу анатамічных тэрмінаў (пра актуальнасць яго згадвалася раней). Загадчык кафедры беларускай і рускай моў БДМУ Т.М. Мельнікава таксама адзначыла імкненне студэнтаў валодаць прафесійнай беларускай мовай і ўнесла для выніковасці дыскусіі шэраг прапаноў. “Пытанне ўпарадкавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі не толькі сведчыць пра імкненне навукоўцаў да парадку, чысціні ва ўсёй творчай прадукцыі, але і прыцягвае ўвагу да роднага, свайго, да мовы, якая з’яўляецца адным з галоўных атрыбутаў нацыі.

Лічым, што неабходна абавязкова:

  • прытрымлівацца адзінай міжнароднай медыцынскай тэрміналогіі (захаванне т.зв. тэрміналагічнай дысцыпліны);
  • забараняць самадзейнасць пры тлумачэнні і перакладзе медыцынскіх дэфініцый;
  • вельмі ўважліва і асцярожна адносіцца да тэрміна пры яго перакладзе і тлумачэнні;
  • памятаць пра актуальнасць тэрміна, што звязана са з’яўленнем новых спецыяльнасцей у медыцыне (напрыклад, у гэтым годзе адбудзецца першы выпуск у БДМУ спецыялістаў па спартыўнай медыцыне);
  • ўспрыняцце тэрміналагічнага слоўніка як кодэкса законаў;
  • для стварэння тэрміналагічных медыцынскіх слоўнікаў арганізоўваць рабочыя групы ў складзе: філолаг-беларусазнаўца – лацініст – медык;
  •  працэс грыфавання слоўнікаў і вучэбнай літаратуры павінен прыцягваць увагу адначасова Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі”.

З цікавасцю прысутныя выслухалі выступленне А.А. Клюй, дацэнта кафедры аперацыйнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі, якая з’яўляецца не толькі выкладчыкам, але і практыкуючым доктарам. Алена Аляксандраўна ажыццяўляе сваю прафесійную дзейнасць на беларускай мове: медыцынскі стаматалагічны цэнтр, у якім яна працуе, поўнасцю беларускамоўны. Па словах А.А. Клюй, адміністратары з пацыентамі размаўляюць па-беларуску, ніхто не абураецца (за выключэннем літаральна адзінкавых выпадкаў), а наадварот, прыхільна ставяцца да гэтага, асабліва маладыя людзі. Пацыенты больш сталага ўзросту не пярэчаць, калі ўрач з імі гаворыць па-беларуску, усё разумеюць. Алена Аляксандраўна адзначыла, што ў выпадку, калі ўзнікаюць цяжкасці з беларускамоўным тэрмінам пры тлумачэнні пацыенту дыягназу, сутнасці яго захворвання, яна выкарыстоўвае лацінскія адпаведнікі, звярнуўшы ўвагу на тое, што падчас яе навучання ва ўніверсітэце, у 90-ыя гады былі беларускамоўныя групы, у якіх выкладанне ажыццяўлялася на беларускай мове. Зараз, па словах А.А. Клюй, многія ўрачы карыстаюцца беларускай мовай і ў паўсядзённым жыцці, і ў прафесійнай дзейнасці, шмат студэнтаў пішуць навуковыя працы па-беларуску. На яе думку, цяперашні стан тэрміналогіі дазваляе ажыццяўляць адукацыйны працэс у медыцынскіх установах на беларускай мове, было б толькі жаданне.     

          Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў круглага стала выклікалі меркаванні намесніка акадэміка-сакратара Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі Т.В. Гнядзько, якая 36 гадоў працавала ўрачом-неанатолагам у РНПЦ “Маці і дзіця”. Пад яе кіраўніцтвам кандыдацкую дысертацыю на беларускай мове падрыхтаваў і абараніў анестэзіёлаг-рэаніматолаг РНПЦ “Маці і дзіця” Андрэй Вітушка. Па словах Таццяны Васільеўны,  ім давялося прайсці складаны шлях ад поўнага непрыняцця беларускамоўнай версіі даследавання да прысваення вучонага звання кандыдата медыцынскіх навук. На сённяшні дзень два ўрачы-анестэзіёлагі ў РНПЦ “Маці і дзіця” свае прафесійныя абавязкі поўнасцю выконваюць на беларускай мове: ад размовы з пацыентамі да вядзення гісторыі хвароб і іншай медыцынскай дакументацыі на беларускай мове. У сувязі з гэтым Таццяна Васільеўна прапанавала ў якасці прыярытэтнага напрамку ў далейшай распрацоўцы медыцынскай тэрміналогіі – нарматыўна-прававы, паколькі юрыдычны складнік у прафесійнай дзейнасці ўрача надзвычай важны, таму што размова ідзе пра жыццё чалавека. Праца на пасадзе намесніка акадэміка-сакратара Аддзялення медыцынскіх навук дазволіла Таццяне Васільеўне заўважыць, што шмат навуковых прац па медыцыне ў спецыяльнай літаратуры, у галіновых медыцынскіх часопісах друкуецца зараз на беларускай мове. Гэта з’яўляецца і базай для стварэння тэрміналагічнай базы звестак, і апрабацыяй тэрмінаў. На думку Т.В. Гнядзько, для пашырэння функцыянавання беларускай мовы ў сферы медыцыны неабходна актывізаваць работу па ўніфікацыі (упарадкаванне зместу), аптымізацыі (выбар аптымальнай формы) і гарманізацыі (міжмоўнае і міжгаліновае ўпарадкаванне) тэрмінаў. Такім чынам забяспечваецца нармалізацыя тэрміналогіі, што, у сваю чаргу, павышае яе ўніверсальнасць і разуменне сутнасці выказвання большай колькасцю даследчыкаў, а значыць павысіцца і індэкс  цытавання прац, напісаных па-беларуску. Таццяна Васільеўна звярнула ўвагу і на такі аспект у медыцынскай дзейнасці, як размова з пацыентам, дзе надзвычай важным атрыбутам выступае моўная кампетэнцыя ўрача. Яна выказала думку, што вызначэнне прыярытэтнасці напрамкаў і чарговасці этапаў у далейшай распрацоўцы медыцынскай тэрміналогіі будзе спрыяць пашырэнню беларускай мовы ў сферу медыцыны і аховы здароўя.

           Удзельнікі круглага стала абмеркавалі і прынялі па выніках абмеркавання пастанову, у якой канстатавалі наступнае:

         

1. Паўнацэннае (парытэтнае) функцыянаванне беларускай мовы ў сферы аховы здароўя адпавядае сутнасці дзяржаўнага двухмоўя ў Рэспубліцы Беларусь і забяспечвае выкананне яго прынцыпаў.

2. Забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзяніна атрымліваць неабходную інфармацыю і медыцынскія паслугі на любой дзяржаўнай мове, у тым ліку на беларускай, мае важнае значэнне ў аспекце бяспекі жыцця грамадзяніна.

3. Сучасны стан развіцця беларускай літаратурнай мовы і сучаснай беларускай тэрмінасістэмы дазваляе ажыццяўляць навучанне ва ўстановах адукацыі, якія забяспечваюць падрыхтоўку медыцынскіх работнікаў, і аказанне медыцынскіх паслуг насельніцтву на дзяржаўнай беларускай мове.

4. У адпаведнасці з артыкулам 4 Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, адукацыйныя праграмы павінны забяспечваць неабходную моўную кампетэнцыю спецыялістаў для ажыццяўлення імі сваіх прафесійных і службовых абавязкаў на любой дзяржаўнай мове.

 

          Удзельнікі круглага стала “Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі” ўносяць рэкамендацыі:

  1. Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь распрацаваць комплекс мер, накіраваных на:

а) забеспячэнне неабходнай двухмоўнай кампетэнцыі студэнтаў у працэсе атрымання сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай алукацыі;

б) пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў адукацыйным працэсе падрыхтоўкі спецыялістаў медыцынскага профілю;

в) падрыхтоўку неабходнай факталагічнай базы па вучэбных прадметах медыцынскага профілю на беларускай мове.

2. Прыняць захады па забеспячэнні ўсіх лекавых прэпаратаў, якія распаўсюджваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, неабходнай інфармацыяй (інструкцыі па прымяненні лекавых прэпаратаў і інш.) налзвюх дзяржаўных мовах.

3. Актывізаваць дзейнасць па падрыхтоўцы спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў беларускай медыцынскай тэрміналогіі розных тыпаў (тлумачальных, двухмоўных руска-беларускіх і інш.).

4. Ажыццяўляць публікаванне слоўнікаў беларускай медыцынскай тэрміналогіі толькі пры наяўнасці рэкамендацыі Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі.

5. Распрацаваць адзіныя навуковыя прынцыпы ўкладання слоўнікаў медыцынскай тэрміналогіі, якія адпавядаюць сучасным тэндэнцыям развіцця тэрміналогіі (імкненне да інтэрнацыяналізацыі навуковай тэрміналогіі) і нормам сучаснай беларускай літаратурнай мовы (пазбяганне вузкадыялектных найменняў і інш.).

6. Абавязкова прыцягваць да працы па стварэнні тэрміналагічных слоўнікаў профільных спецыялістаў.

7. Стварыць корпус найбольш ужывальных і пашыраных медыцынскіх тэрмінаў.

8. Практыкаваць рэгулярнае абмеркаванне праблем медыцынскай тэрміналогіі на пасяджэннях тэрміналагічнай камісіі з прыцягненнем спецыялістаў і кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы