20 лютага 2018 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылося пасяджэнне круглага стала «Беларуская мова і бізнес».
На сустрэчу з мовазнаўцамі ўпершыню былі запрошаны прадстаўнікі беларускіх фірм, кампаній, рэкламных агенцтваў, банкаў. На жаль, не ва ўсіх, хто праявіў цікавасць да мерапрыемства і заявіў пра свой удзел, атрымалася прысутнічаць у зале: яно і зразумела, бізнесоўцы – людзі занятыя, у іх кожная хвіліна распісана. Праўда, заўсёды можна прапанаваць альтэрнатыву: некаторыя даручылі пачэсную місію прадстаўляць кампанію сваім супрацоўнікам, а бізнесмен Аляксей Нарэйка, які ў дадзены момант жыве і працуе ў Фінляндыі, увогуле звярнуўся да грамады з відэазваротам.
Сярод тых жа, хто знайшоў магчымасць далучыцца непасрэдна да канструктыўнага дыялогу, былі кіраўнікі крэатыўных праектаў, спецыялісты рэкламных агенцтваў, індывідуальныя прадпрымальнікі. Вялікую цікаваць і жывую рэакцыю выклікала прэзентацыя праекта SAY.BY (Падтрымліваем мову), накіраванага на распрацоўку мабільных прыкладанняў і візуальнага інфармацыйнага суправаджэння для грамадскіх устаноў, што аказваюць паслугі насельніцтву (кавярняў, рэстаранаў, цырульняў, салонаў прыгажосці, стаматалагічных клінік, заправачных станцый і інш.). Кіраўнік Аляксандр Шастаковіч расказаў пра поспехі праекта і падзяліўся некаторымі планамі па далейшым яго развіцці.
Да гутаркі пра тое, чым можа дапамагчы беларуская мова ў вядзенні бізнесу і што можа прапанаваць ёй апошні, далучыліся прадстаўнік рэкламнага агенцтва NEF TBWA (станоўчы вопыт работы з сеткай рэстаранаў фаст-фуд McDonalds) і індывідуальны прадпрымальнік Віталь Станішэўскі (кірунак дзейнасці – пераклады на беларускую мову рэкламных тэкстаў і дакументаў па замове кампаній).
Падчас сустрэчы было абмеркавана шырокае кола пытанняў: нацыянальная мова як важны фактар дзейнасці рэкламнай кампаніі; тэрміналагічная база рэкламы; бізнес і моўная палітыка; бізнес і нацыянальнае кнігавыданне; бізнес і лінгваадукацыйныя паслугі.
Паколькі тэма для абмеркавання закранала многа аспектаў (прававыя асновы вядзення бізнесу і нэймінгу заснаваных кампаній, моўнае афармленне створанай прадукцыі, мяжа паміж творчасцю і непісьменнасцю), да дыялогу далучыліся прадстаўнікі дзяржаўных органаў (Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання; дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, удзельнік камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Алена Анісім), грамадскіх творчых арганізацый (намеснік Старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах), выкладчыкі ВНУ (БДУ, Алена Лянкевіч, БДУІіР), супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа (Святлана Вагнер, Таццяна Пятрова, Уладзімір Кошчанка) і інш.
Склад удзельнікаў дыялогу сведчыць пра важнасць і актуальнасць моўнага пытання ў такой галіне, як бізнес. Станоўчы вопыт пачынальнікаў і імкненне да далейшага функцыянальнага пашырэння беларускай мовы як складніка дзейнасці беларускіх фірм, кампаній, рэкламных агенцтваў, банкаў дазваляе ўпэўнена глядзець у заўтрашні дзень і рухацца наперад па шляху забеспячэння права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай ва ўсіх сферах паўсядзённага жыцця.