У сувязі са з’яўленнем новых інфармацыйных тэхналогій і камп’ютэрызацыяй лінгвістычнай працы ў аддзеле быў выкананы шэраг праектаў па стварэнні серыі канкардансаў – лексікаграфічных даведнікаў, створаных шляхам аўтаматычнай апрацоўкі тэкстаў, у якіх у алфавітным парадку прыведзены ўсе без выключэння паказальнікі слоў (словаўжыванні) з кантэкстамі. Канкардансы могуць уключыць частотныя і адваротныя слоўнікі, паказальнікі слоў, адлюстраваць пэўным чынам граматычную інфармацыю аб слове, звесткі пра амонімы і г.д. З дапамогай такога даведніка можна праводзіць рознабаковыя даследаванні літаратурнай мовы: у галіне лексікі і фразеалогіі, семантыкі і стылістыкі, марфалогіі і сінтаксісу. Канкарданс можна разглядаць і як надзейную, аб’ектыўную базу стварэння новых слоўнікаў: тлумачальнага, этымалагічнага, анамастычнага і інш. З яго дапамогай можна хутка знайсці патрэбныя словы ў тэкстах і семантызаваць іх.
Выбраныя публікацыі па тэме:
Н.М. Сянкевіч. Канкарданс як сродак выяўлення асаблівасцей мовы мастацкай літаратуры // Актуальные проблемы современной прикладной лингвистики. – Минск: МГЛУ, 2016. – С. 267–274.
Н.М. Сянкевіч. Беларускія канкардансы: гісторыя і сучаснасць // Научныя чтения, посвященные Виктору Владимировичу Мартынову: сборник научных трудов. – Вып. 3. – Минск: РИВШ, 2016. – С. 92–98.