16 чэрвеня 2017 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася Рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Параўнанне сістэм беларускай і рускай моў і даследаванне асаблівасцей іх функцыянавання ў сучасным грамадстве”, прысвечаная 40-годдзю аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей. На абмеркаванне быў вынесены шэраг актуальных праблем беларуска-рускага двухмоўя, супастаўляльнага даследавання лексікі, словаўтварэння, а таксама пытанні лексікаграфіі, перакладу і моўнай адукацыі ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму.
У канферэнцыі прынялі ўдзел не толькі айчынныя даследчыкі з розных гарадоў Беларусі – Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, але і замежныя вучоныя з Нідэрландаў і Польшчы.
Канферэнцыю адкрыў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар А. І. Лакотка, які адзначыў важнасць правядзення такога мерапрыемства менавіта ў Год навукі.
З прывітальным словам у адрас удзельнікаў і гасцей канферэнцыі выступіў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, член-карэспандэнт, доктар гістарычных навук, прафесар А. А. Каваленя. Ён звярнуў увагу на актуальнасць тых навуковых праблем, якім прысвечана канферэнцыя.
Свае віншаванні з нагоды юбілею аддзела выказалі І. Л. Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, і І. В. Саверчанка, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, доктар філалагічных навук, а таксама былыя аспіранты аддзела – кандыдаты філалагічных навук Л. А. Гадуйка і М. А. Раткевіч.
Святочны настрой прысутных падтрымаў першы загадчык аддзела (тады сектара рускай мовы), доктар філалагічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь А. Я. Міхневіч, з якім была наладжана прамая відэасувязь. Славуты вучоны прыгадаў цікавыя звесткі з мінулага аддзела, а таксама прачытаў аўтарскія пераклады на беларускую мову твораў А. С. Пушкіна, А. Блока і Б. Акуджавы.
А. А. Лукашанец, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, член-карэспандэнт, доктар філалагічных навук, прафесар, кіраўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей у 1992–2010 гг., у сваім пленарным дакладзе назваў перадумовы стварэння аддзела і акрэсліў асноўныя этапы яго развіцця.
Загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей, кандыдат філалагічных навук В. М. Нікалаева ў пленарным дакладзе “Асноўныя напрамкі дзейнасці аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей” нагадала, што да ліку галоўных напрамкаў дзейнасці аддзела адносяцца сінхроннае супастаўляльнае даследаванне беларускай і рускай моў на розных моўных узроўнях, а таксама вывучэнне рознааспектных пытанняў беларуска-рускага двухмоўя. У сваім выступленні В. М. Нікалаева паказала перспектыўныя напрамкі навуковай дзейнасці аддзела (паглыбленае сістэмнае даследаванне ў супастаўляльным плане сучасных рускай і беларускай моў на ўсіх узроўнях з мэтай устанаўлення іх спецыфікі і падабенства), звярнула ўвагу на найбольш значныя навуковыя выданні, якія былі падрыхтаваны супрацоўнікамі аддзела. Сярод іх калектыўныя манаграфіі “Русский язык в Белоруссии” (1985 г.), “Сопоставительное описание русского и белорусского языков. Морфология” (1990 г.), “Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси” (1999 г.), “Сопоставительное описание русского и белорусского языков. Словообразование” (2014 г.), слоўнікі, даведнікі, дапаможнікі для школ, артыкулы і іншыя публікацыі.
Іншыя навуковыя даклады пленарнага пасяджэння былі прысвечаны розным моўным праблемам: пытанням гістарычнай лексікалогіі (загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей у 1983–1991 гг., д. ф. н., чл.-кар. А. М. Булыка “Лексіка раманскага паходжання ў старабеларускай і старарускай мовах”), асаблівасцям фарміравання нацыянальнага лексікону ва ўмовах білінгвізму (д. ф. н., чл.-кар. А. А. Лукашанец “Лексіка нацыянальнай мовы ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму”), праблемам складання сучасных двухмоўных слоўнікаў (к. ф. н. В. М. Нікалаева “О концепции «Русско-белорусского толково-сопоставительного словаря полевых единиц»”), пытанням стварэння электронных моўных рэсурсаў (к. ф. н. Л. В. Рычкова “Корпусные технологии в изучении естественного взаимодействия белорусского и русского языков в региональных СМИ Беларуси”), а таксама асаблівасцям успрыняцця беларускай мовы на слых галандцамі (к. ф. н. І. Д. Дзікебоом “«Spreekt u Wit-Russisch?», или о том, понимают ли голландцы белорусский язык”).
Падчас канферэнцыі працавалі чатыры секцыі, на пасяджэннях якіх былі абмеркаваны даклады, прысвечаныя актуальным праблемам параўнальнага вывучэння беларускай і рускай моў.
На секцыі “Беларуска-рускі білінгвізм і метадычныя пытанні моўнай адукацыі ва ўмовах блізкароднаснага дзяржаўнага двухмоўя” вялікую цікавасць выклікалі даклады к. ф. н. А. М. Гарагляд “К проблеме реализации принципа двуязычия в учебном процессе на филологическом факультете”, к. ф. н. В. С. Гарыцкай “Лексические шибболеты в русской речи жителей Беларуси (на материале интернет-коммуникации)”, к. ф. н. С. В. Кавалёнак (суаўтар к. ф. н. А. А. Масло) “Задачи создания аннотированного обучающего корпуса русской разговорной речи билингва”.
У межах секцыі “Праблемы супастаўляльнага даследавання блізкароднасных моў” разглядаліся пытанні гістарычнага вывучэння беларускай і рускай моў (к. ф. н. Н. В. Паляшчук), рэактывацыі лексікі ў беларускай мове (А. А. Марозава), матывацыі семантыкі лексем сопух і сопуха (к. ф. н. Н. А. Снігірова), функцыянавання прагматонімаў (к. ф. н. Л. А. Гадуйка) і інш.
Асобная падсекцыя была прысвечана розным аспектам супастаўляльнага вывучэння лексіка-семантычных палёў у рускай і беларускай мовах: к. ф. н. І. У. Ялынцава апісала фразеалагізмы – элементы лексіка-семантычных палёў колеру; к. ф. н. А. Г. Ванкевіч звярнула ўвагу на сінтагматычныя адносіны членаў палёў надвор’я; к. ф. н. І. У. Кандраценя вызначыла структуру палёў цікавасці; к. ф. н. Т. П. Кугейка паказала спецыфіку адвербіяльных сегментаў у палях маўлення; Н. П. Маслоўская разгледзела лексіка-семантычныя групы дзеясловаў – структурных элементаў палёў руху без перамяшчэння; к. ф. н. Ю. М. Чагайда акрэсліла перасячэнні палёў перамяшчэння ў прасторы з іншымі лексіка-семантычнымі палямі; к. ф. н. В. С. Юшкевіч даследавала адносіны часткі і цэлага ў межах палёў геаграфічнага ландшафту.
Актуальныя праблемы двухмоўнай лексікаграфіі разглядаліся на секцыі “Двухмоўныя слоўнікі і праблемы міжмоўнага перакладу”. Удзельнікі абмеркавалі даклады к. ф. н. В. Б. Пераход “Особенности семантической организации оригинального и переводного текстов (на материале стихотворения Максима Танка «Калі дрэвы паміраюць...» и его перевода на русский язык)”, к. ф. н. В. І. Уласевіч “Аб некаторых асаблівасцях новай лексікі беларускай мовы ў параўнанні з лексікай рускай мовы”, к. ф. н. В. К. Шчэрбіна “Развитие сравнительной металексикографии белорусского и русского языков в Беларуси” і інш.
Чацвёртая секцыя “Актуальныя пытанні функцыянавання рускай і беларускай моў” была прысвечана праблемам практычнага выкарыстання беларускай і рускай моў у розных сферах жыцця грамадства. Удзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся з дакладамі А. А. Гіруцкага “Религиозная лексика в дискурсивном пространстве романа И. Шмелева «Богомолье»”, І. Г. Доды “О расширении сферы применения прикладных лингвистических знаний и их роли в правовой области деятельности”, В. І. Сянкевіча “Ідэнтыфікацыя асобы і катэгорыя пафасу”, А. М. Сяргеевай “Сродкі выражэння прыслоўнай інтэнсіўнасці” і інш.
Завяршылася канферэнцыя яскравым выступленнем студэнтаў другога курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (кіраўнік В. П. Паўлюць).
Да пачатку канферэнцыі быў апублікаваны зборнік матэрыялаў выступленняў удзельнікаў “Параўнанне сістэм беларускай і рускай моў і даследаванне асаблівасцей іх функцыянавання ў сучасным грамадстве”, у які ўключана 45 дакладаў.
Рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Параўнанне сістэм беларускай і рускай моў і даследаванне асаблівасцей іх функцыянавання ў сучасным грамадстве”, якая праводзілася ў Год навукі, дазволіла яшчэ раз звярнуць увагу на актуальныя праблемы ўзаемадзеяння дзвюх блізкароднасных моў, паказала асаблівую цікавасць лінгвістаў да міжмоўных супастаўляльных даследаванняў. Менавіта такія даследаванні праводзяцца ў аддзеле беларуска-рускіх моўных сувязей на працягу ўсяго перыяду яго існавання. Супрацоўнікі аддзела дэманструюць пераемнасць традыцый, шчырую зацікаўленасць у выніках сваёй працы і высокі навуковы ўзровень даследаванняў, сваёй дзейнасцю спрыяюць папулярызацыі ведаў аб мове.
Шчыра віншуем калег з саракагадовым юбілеем аддзела і жадаем паслядоўнай рэалізацыі ўсіх творчых задум.
В. С. Юшкевіч