16–17 мая 2019 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прайшла XIV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Сучасныя праблемы лексікаграфіі”. Суарганізатарамі навуковага мерапрыемства выступілі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (Беларусь), Інстытут лінгвістычных даследаванняў РАН (Расія), Інстытут славістыкі Альпен-Адрыя ўніверсітэта (Аўстрыя), Інстытут русістыкі Варшаўскага ўніверсітэта (Польшча), Харкаўскае лексікаграфічнае таварыства пры Харкаўскім політэхнічным універсітэце (Украіна).
На гэты раз у канферэнцыі, якая традыцыйна аб’ядноўвае вядучых лінгвістаў-лексікографаў з розных краін, прынялі ўдзел спецыялісты з Аўстрыі, Беларусі, Польшчы, Расіі, Турцыі, Украіны, Францыі, Чэхіі. Усяго было пададзена больш за 80 заявак, удзельнікі прадстаўлялі каля 45 ВНУ і навукова-даследчых устаноў.
Падчас канферэнцыі вучоныя абмеркавалі фундаментальныя праблемы тэорыі і практыкі лексікаграфіі, яе метадалагічныя і лінгвістычныя аспекты, актуальныя пытанні тэрмінаграфіі, гістарычнай, дыялектнай, перакладной і аўтарскай лексікаграфіі, а таксама паведамілі пра распрацоўку слоўнікаў розных тыпаў і жанраў і цікавыя слоўнікавыя праекты з прымяненнем корпусных і іншых сучасных камп’ютарных тэхналогій.
Пленарнае пасяджэнне адкрыў дырэктар Інстытута мовазнаўства І.Л. Капылоў, які падсумаваў лексікаграфічныя набыткі супрацоўнікаў гэтай установы за 90-гадовую гісторыю яе функцыянавання. Асаблівае месца ў дакладзе было адведзена адлюстраванню сучаснага стану лексікаграфічнай работы ў Інстытуце: І.Л. Капылоў адзначыў, што ўкладанне слоўнікаў з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ўстановы і акрэсліў перспектывы Інстытута мовазнаўства ў галіне лексікаграфіі.
Знайшоў шырокі водгук сярод удзельнікаў канферэнцыі даклад Л.В. Рычковай (Беларусь) “Технологический прорыв в лексикографии: новые возможности или новые вызовы?”. В.В. Дубічынскі (Польшча) і Ц. Ройтар (Аўстрыя) прадставілі новы тып слоўніка, які апісвае значэнні лексічных паралелей украінскай і нямецкай моў, што дае магчымасць выявіць нацыянальна-культурную спецыфіку слоў у сістэматычным выглядзе. Г.М. Склярэўская (Расія) звярнулася да пытання класіфікацыі слоўнікаў і вызначэння месца тлумачальных лексікаграфічных крыніц у агульнай тыпалогіі слоўнікаў. В.П. Русак і Ю.С. Гецэвіч (Беларусь) расказалі пра свае напрацоўкі, якія дазволілі аптымізаваць працу лексікографаў і паспяхова выдаць “Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы”. Асаблівую цікавасць у ўдзельнікаў канферэнцыі выклікаў даклад заснавальніка ўкраінскай навуковай школы лінгвістычных тэхналогій, аўтара інфармацыйнай тэорыі лексікаграфічных сістэм У.А. Шырокава (Украіна) “Философия словаря”.
Праца канферэнцыі праходзіла ў межах сямі праблемных напрамкаў. Падчас работы секцыі “Метадалагічныя і лінгвістычныя аспекты лексікаграфіі” Н.С. Ганцоўская і Г.Д. Няганава (Расія) у сваім дакладзе падкрэслілі актуальнасць для сучаснай рускай літаратурнай мовы лексікі з драматычных твораў свайго знакамітага земляка А.М. Астроўскага і яе шырокае выкарыстанне ў якасці ілюстрацыйнай базы ў БАС. Некалькі дакладаў былі прысвечаны праблемам падачы запазычанай лексікі ў слоўніках. І.В. Нячаева (Расія) вызначыла крытэрыі падачы такіх слоў на ўзроўні слоўнікавай макраструктуры ў сучасных выданнях, Н.А. Снігірова (Беларусь) прааналізавала спосабы этымалагічнай кваліфікацыі запазычанай лексікі ў новым тлумачальным слоўніку беларускай мовы. А.А. Акуленка і В.В. Лявонцьева (Беларусь) вызначылі недакладнасці ў апісанні лексікі індыйскага паходжання ў беларускай лексікаграфічнай прасторы.
Г.Ф. Багачова (Расія) закранула праблему зручнасці слоўніка для карыстальніка, даследчыца ўвяла паняцце лексікаграфічнай адаптыўнасці матэрыялу і апісала спосабы яе павышэння. А.А. Маклакова прэзентавала трафарэтную мадэль аспектна-структурнага семнага апісання значэння слова, якая дазваляе ўніфікаваць лексікаграфічнае апісанне адзінак вялікай лексіка-фразеалагічнай групы. В.В. Шапавал (Расія) прапанаваў некалькі практычных прыёмаў, якія дазволяць лексікографам пазбегнуць фіксацыі ў слоўніку “ўяўных” лексем.
А.М. Лазуткіна (Расія) выступіла з дакладам “Иерархия морфосинтаксических характеристик слова в толковом словаре”, а А.А. Юрына акцэнтавала ўвагу на спосабах падачы граматычнай дзеяслоўнай семантыкі ў слоўніку “Словарь русской пищевой метафоры”. З гісторыяй турэцкай лексікаграфіі ад XI ст. да XXI ст. і сучасным станам лексікаграфічных распрацовак у Турцыі пазнаёміў прысутных А. Асманлы (Турцыя), які прачытаў даклад свайго кіраўніка Ю. Дахман. Расійскі даследчык А.К. Шапашнікаў прапанаваў методыку адбору прыставачных форм у Этымалагічным слоўніку славянскіх моў, якая паспрыяе ўдасканаленню працы лексікографаў і паскорыць завяршэнне фундаментальнага лексікаграфічнага праекта.
Зацікавілі прысутных даклады секцыі “Новыя слоўнікавыя праекты”. А.Г. Барысава (Расія) разгледзела магчымасць укладання анлайн-слоўніка “дыскурсна-абумоўленай лексікі”, г. зн. цытат, пашыраных пэўны час у інтэрнэце або СМІ. Г.І. Міхалёў (Расія) прааналізаваў недахопы ў адлюстраванні семантыкі адносных прыметнікаў у слоўніках і выступіў з прапановай стварэння асобнага слоўніка такіх граматычных адзінак. Н.В. Вялічка (Расія) адзначыла месца і ролю гісторыка-культурнага лексікаграфічнага выдання ў тыпалогіі слоўнікаў. Д. Дзюпюі (Францыя) паведаміў пра спецыфіку ўкладання слоўніка руска-французскіх лексічных паралелей і закрануў пытанне запазычання французскай мовай лексікі рускай мовы. М.А. Сцерніна (Расія) зрабіла агляд новых слоўнікаў Варонежскай школы супастаўляльных даследаванняў.
Шэраг дакладаў быў прысвечаны пытанню прымянення псіхалінгвістычнага падыходу ў лексікаграфіі. Д.Ю. Прасавецкі (Расія) прааналізаваў спосабы падачы сінанімічных адзінак, Н.А. Казельская (Расія) разгледзела пытанні фіксацыі параўнальна-прыпадабняльных прыслоўяў, а М.Я. Разэнфельд (Расія) прасачыла дынаміку лексічнага значэння асобнай лексемы пры дапамозе такога падыходу.
У межах секцыі “Тэрмінаграфія і тэрміналагічныя базы і банкі звестак” выступіла Л.М. Бяляева (Расія) з дакладам “Лексикографические ресурсы в структуре информации 4.0”, А.А. Шарсцянннікава (Расія) разгледзела асаблівасці будовы “Исторического словаря русской лингвистической терминологии”. А.І. Співак (Беларусь) прэзентавала трохмоўны анлайн-слоўнік юрыдычнай тэрміналогіі, праца над якім вядзецца ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а Я.М. Какзанава (Расія) апісала некаторыя асаблівасці трохмоўнага слоўніка анамастычнай тэрміналогіі.
Пытанні лексікаграфічнай фіксацыі запазычанай лексікі старабеларускага перыяду агучыў А.М. Булыка (Беларусь) падчас пасяджэння секцыі “Гістарычная лексікаграфія”. Праблемы ўкладання аўтарскага гістарычнага слоўніка прааналізавала Л.А. Дмітрук (Расія), А.У. Генералава зрабіла агляд спосабаў прадстаўлення даведачнай інфармацыі ў гістарычных слоўніках рускай мовы, а І.А. Малышава і Т.Д. Коркіна (Расія) разгледзелі спосабы падачы запазычаных калькаваных адзінак з прэфіксамі пре- і пред-.
Былі асветлены і некаторыя іншыя праблемы гістарычнай лексікаграфіі. Складанасцям семантызацыі лексікі ў гістарычных слоўніках быў прысвечаны даклад О.У. Васільевай (Расія). А.А. Дзерунова (Беларусь) выступіла з праектам слоўніка назваў дакументаў гістарычных помнікаў, а М.І. Чарнышова (Расія) у сваім дакладзе прасачыла, як абазначалася літара ё ў рускіх акадэмічных слоўніках канца XVIIІ – пачатку XIX ст.
Праблемы ўкладання анамастычных слоўнікаў знаходзіліся ў цэнтры ўвагі на секцыі “Ідэаграфічныя, статыстычныя, анамастычныя і іншыя слоўнікі”. Т.В. Міхайлава і А.В. Міхайлаў (Расія) разгледзелі спосабы падачы ў слоўніку ацэначных намінацый палітычных дзеячоў XV–XVII стcт., Н.М. Сянкевіч (Беларусь) засяродзілася на праблемах лексікаграфічнай рэпрэзентацыі прэцэдэнтных онімаў у беларускай літаратуры XIX ст. І.А. Самойлава (Украіна) вызначыла функцыянальна-структурныя асаблівасці онімаў у тэкстах І.М. Дзюбы, зрабіўшы акцэнт на апісанні выдуманых уласных імён. А.Р. Хісамаў (Расія) пазнаёміў удзельнікаў з працай па стварэнні электроннай картатэкі тапонімаў Рэспублікі Татарстан.
У межах секцыі ”Камп’ютарная і корпусная лінгвістыка” беларускія даследчыкі В.С. Гарыцкая і М.В. Супрунчук прэзентавалі электронны слоўнік беларусізмаў у беларускім варыянце рускай мовы і апісалі методыку збору матэрыялаў для гэтага слоўніка. Я.В. Купрыянаў і І.В. Астапава (Украіна) паведамілі прысутным пра стварэнне лінгвістычнага інструментарыя віртуальнай лексікаграфічнай лабараторыі тлумачальнага слоўніка іспанскай мовы.
Розныя аспекты лексікаграфічнага апісання дыялектнага маўлення былі прадстаўлены на секцыі “Лексікаграфічнае апісанне дыялектаў, сацыялектаў і іншых камунікатыўных варыянтаў моў”. В.М. Курцова (Беларусь) азнаёміла ўдзельнікаў канферэнцыі з праектам фіксацыі мікратапонімаў у зводным дыялектным слоўніку. А.І. Сьянава (Расія) расказала пра прынцыпы адбору лексічных адзінак у слоўнік варонежскіх дыялектаў, Ю.В. Чарнякевіч (Беларусь) агучыў станоўчыя і адмоўныя рысы і даў ацэнку слоўніка гаворак Ганцавіцкага раёна, укладальнікамі якога з’яўляюцца не прафесіянальныя лексікографы, а аматары. М. Янковяк (Чэхія) прэзентаваў праект “Слоўніка беларускіх гаворак Латвіі” і апісаў макра- і мікраструктуру лексікаграфічнага даведніка.
Былі закрануты пытанні лексікаграфічнай апрацоўкі некадыфікаванага маўлення: К.Д. Ганчарэнка (Беларусь) расказала пра складанасці лексікаграфічнага апісання жаргону і размоўнай лексікі сучаснай беларускай мовы, А.М. Чудар (Беларусь) выступіла з дакладам “Национальные варианты английского языка в лексикографии”.
Зацікавілі прысутных выступленні, агучаныя падчас працы круглага стала “Сакральнае слова і славянская лексікаграфічная практыка”. А.С. Кулева (Расія) паведаміла, як вырашаюцца пытанні стылістычнай характарыстыкі рэлігійнай лексікі ў новым тлумачальным слоўніку рускай мовы пад рэдакцыяй Л.П. Крысіна. І.У. Будзько (Беларусь) вызначыла ролю беларускіх перакладаў Старога Запавету ў фарміраванні рэлігійнай тэрміналогіі беларускай мовы, а В.У. Фурс (Беларусь) выступіла з дакладам “Лексічны склад сучасных беларускіх перакладаў Евангелля: эвалюцыя перакладчыцкіх рашэнняў”. М.К. Парамонава (Расія) апісала крытэрыі фіксацыі ўласных імён рэлігійнай сферы ў ідэаграфічных слоўніках.
Таксама ў рамках канферэнцыі прайшло пасяджэннне камісіі па лексікалогіі і лексікаграфіі пры Міжнародным камітэце славістаў пад кіраўніцтвам М.І. Чарнышовай.
Некалькі дакладаў было прачытана на заключным пленарным пасяджэнні. В.Д. Чарняк (Расія) звярнулася да сацыякультурнай асновы сучаснай лексікаграфіі. Даследчыца прыйшла да высновы, што фактар адрасата абумоўлівае істотныя структурныя і зместавыя прыкметы слоўнікаў. А.Г. Лукашанец (Беларусь) вызначыла спецыфіку ўкладання анлайн-слоўнікаў, якія ствараюцца не спецыялістамі, а інтэрнэт-карыстальнікамі. С.А. Мызнікаў (Расія) звярнуўся да пытання фіксацыі дыялектных адзінак, семантызацыя якіх выклікае пэўныя цяжкасці ў лексікографаў.
Да пачатку канферэнцыі быў выдадзены зборнік “Слово и словарь=Vocabulum et vocabularium”, вып.16, у якім змешчаны даклады ўдзельнікаў канферэнцыі.
Насычанай была культурная праграма канферэнцыі, якая пачалася з пешаходнай экскурсіі “Мінск Караля Чапскага”. Удзельнікі канферэнцыі таксама пазнаёміліся з экспазіцыяй Музея старажытнабеларускай культуры і наведалі Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі. 18 мая для гасцей канферэнцыі была арганізавана экскурсія ў г. Полацк.
НА ПЛЕНАРНЫХ ПАСЯДЖЭННЯХ:
НА СЕКЦЫЯХ: