“Брат і сястра: Юзаф і Антаніна Абрэмбскія – даследчыкі Беларусі”

Беларусь і Польшчу звязваюць сумесная гісторыя, блізкі менталітэт, агульная літаратурная, моўная і культурная спадчына, а таксама плённая творчасць выбітных, сусветна вядомых асоб, якія з’яўляюцца  прадстаўнікамі абодвух народаў (Станіслаў Манюшка, Алаіза Ажэшка, Тадэвуш Касцюшка, Напалеон Орда, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот, Міхал Агінскі і іншыя). Прыемна адзначыць, што навуковыя кантакты паміж нашымі краінамі ў апошнія гады інтэнсіўна развіваюцца і ўмацоўваюцца. Пацвярджэннем таму з’яўляецца і Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі”, якая ўжо стала традыцыйнай, і рэгулярна праводзіцца ў Беларусі і Польшчы. У гэтым годзе канферэнцыя прайшла ў Мінску. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі грамадскае аб’яднанне “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”, філалагічны факультэт БДУ, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Польскі інстытут у Мінску. Аб трываласці нашых навуковых стасункаў сведчыць і той факт, што канферэнцыя прайшла ў 27 раз. Сімвалічна, што гэты навуковы форум адбыўся ў Год малой радзімы і быў прымеркаваны да 220-годдзя з дня нараджэння класіка сусветнай літаратуры – Адама Міцкевіча, радзімай якога была Навагрудчына.

Ужо стала добрай традыцыяй правядзенне ў рамках гэтай канферэнцыі прэзентацый новых выданняў, цікавых творчых сустрэч, выязных пасяджэнняў. На гэты раз на базе Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа быў праведзены круглы стол ”Брат і сястра Юзаф і Антаніна Абрэмбскія – даследчыкі Беларусі”. У круглым стале прынялі  ўдзел вядомыя беларускія і польскія гісторыкі, мовазнаўцы, літаратуразнаўцы, сацыёлагаі, этнографы, культуролагі. Круглы стол складаўся з двух тэматычных блокаў: “Мовазнавец Антаніна Абрэмбская-Яблонская – ставаральнік польскай беларусістыкі” і “”Этнасацыёлаг Юзаф Абрэмбскі – даследчык Палесся”.

Першы блок быў прысвечаны прафесару Антаніне Амбрэмбскай-Яблонскай – таленавітаму вучонаму-славісту, арганізатару і шмтагадоваму загадчыку (1956 – 1972 гг.) кафедры беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце, кіраўніку секцыі ўкраінскай і беларускай філалогіі ў Польска-савецкім інстытуце, а пасля яго рэарганізацыі – аддзела беларускай мовы ў Інстытуце славяназнаўства (зараз Інстытут славістыкі) у Польскай акадэміі навук. Яна выступіла ініцыятарам вывучэння ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны, у выніку чаго быў створаны ўнікальны шматтомны дыялектны атлас гэтага рэгіёна. Пад навуковым кіраўніцтвам вучонай былі апрацаваны і апублікаваны рукапісы фальклорных матэрыялаў                  М. Федароўскага “Люд беларускі” з навуковымі каментарыямі і слоўнікам. Даследчыцу цікавілі таксама пытанні беларуска-польска-літоўскага пагранічча, гісторыі мовы і анамастыкі. Антаніна Абрэмбская-Яблонская стаяла ля вытокаў стварэння ўнікальнага дыялектнага даведніка – ”Слоўнік паўночна-заходніх гаворак Беларусі і яе пагранічча”. Надзвычай важным укладам ва ўмацаванне беларуска-польскіх моўных сувязей стала публікацыя першага “Падручнага польска-беларускага слоўніка” пад рэдакцыяй прафесара Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай і акадэміка Мікалая Бірылы (1962).

Пасяджэнне круглага стала адкрыла вучаніца прафесара Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай, першы пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, прафесар Эльжбета Смулкова, якая выступіла з цікавым дакладам, прысвечаным унікальнай эпісталярнай спадчыне А. Абрэмбскай – яе перапісцы з вучонымі Інстытута мовазнаўства – акадэмікам Мікалаем Бірылам, членамі-карэспандэнтамі Юзэфай Мацкевіч, Міхаілам Суднікам, вядомым беларускім пісьменнікам Уладзімірам Дубоўкам, а таксама з сям’ёй Браніслава Тарашкевіча. Змястоўным быў даклад выкладчыка кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Радаслава Калеты “Прафесар Антаніна Абрэмбская-Яблонская вачамі маладога пакалення”, у якім дакладчык расказаў пра пераемнасць пакаленняў польскіх беларусістаў і азнаёміў прысутных з дасягненямі кафедры, заснаванай А. Абрэмбскай-Яблонскай. У дакладах беларускіх вучоных Ганны Кулеш і Язэпа Янушкевіча была дадзена высокая ацэнка “Падручнаму польска-беларускаму слоўніку” як навукова-практычнаму лексікаграфічнаму выданню. Ад імя акадэмічных мовазнаўцаў была ўнесена прапанова сумеснымі намаганнямі вучоных Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Інстытута славістыкі ПАН і кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта падрыхтаваць электроннае выданне слоўніка, які сёння ўжо стаў бібліяграфічнай рэдкасцю. 

У цэнтры ўвагі другога блока пасяджэння была асоба польскага антраполага, этнолага і сацыёлага Юзафа Абрэмбскага, стваральніка арыгінальнай тэорыі фарміравання этнічнай і нацыянальнай свядомасці. У час другой Рэчы Паспалітай, у 1934 – 1937 гадах, Юзаф Абрэмбскі праводзіў комплексныя этнасацыялагічныя палявыя даследаванні на Палессі, вынікам якіх стала падрыхтоўка і публікацыя некалькіх грунтоўных навуковых прац. Паказальна, што яго фундаментальная праца, у якой вучоны ажыццявіў своеасаблівую рэвалюцыю ў метадалогіі даследаванняў архаічнай традыцыйнай вясковай культуры Палесся, чакала публікацыі 40 гадоў. Наватарства падыходаў вучонага заключаецца ў міждысцыплінарнасці: даследчык удала спалучыў метадалогію этнаграфіі і сацыялогіі, адначасова даследаваў артэфакты народнай культуры і духоўна-сацыяльны змест укладу вясковай супольнасці. Мадэратарам гэтага блока круглага стала была прафесар Анна Энгелькінг, экс-дырэктар Інстытута славістыкі ПАН. Менавіта дзякуючы яе намаганням была даследавана навуковая спадчына Юзафа Абрэмбскага, у тым ліку і багатая калекцыя даваенных фотаздымкаў з тэрыторыі Беларусі (больш за тысячу негатываў захоўваюцца ў ЗША, ва ўніверсіттэце Масачусэтса, як і тысячы старонак рукапісаў даследчыка). У першую чаргу заслуга Анны Энгелькінг  у тым, што навуковыя працы Юзафа Абрэмбскага былі надрукаваны ў Польшчы і сталі даступнымі для шырокага кола навукоўцаў усяго свету.

У дакладзе прафесара Генадзя Цыхуна прагучала высокая ацэнка дзейнасці Юзафа Абрэмбскага, які не пайшоў на кампраміс з ідэалогіяй тагачаснай польскай дзяржавы, а аб’ектыўна паказаў Палессе як унікальны рэгіён Славіі. У выступленнях польскіх вучоных – прафесара Ягелонскага ўніверсітэта Марціна Любася (“Юзаф Абрэмбскі і грамадска-палітычны радыкалізм жыхароў палескай вёскі 30-х гадоў”) і прафесара Вроцлаўскага ўніверсітэта Пятра Ціхарацкага (“Юзаф Абрэмбскі аб разнастайнасці этнічных і нацыятворчых працэсаў”) была адзначана незалежная пазіцыя вучонага ў яго поглядах на палітыку паланізацыі, якая вяла да распаду традыцыйнага архаічнага ўкладу Палесся і дэзынтэграцыі супольнасці. Вялікую цікавасць выклікаў даклад маладога беларускага этнографа Сяргея Грунтова “Яўрэі і сацыякультурныя трансфармацыі на Палессі ў працах Юзафа Абрэмбскага”.

На завяршэнне круглага стала была ўнесена прапанова перакласці працы Юзафа Абрэмбскага і Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай на беларускую мову.

 

Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства  імя Якуба Коласа   

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы