З пачатку 60-х гг. супрацоўнікі аддзела актыўна ўключыліся ў даследаванне Палесся – выключна важнага этнакультурнага/этнамоўнага рэгіёна Славіі. Палеская праблематыка ў выніку пяці сумесных з Інстытутам славяназнаўства і балканістыкі АН СССР экспедыцый 1962–1965 гг. пад кіраўніцтвам Мікіты Талстога набыла агульнаславістычнае гучанне. Шэраг цікавых прац па гэтай тэме быў выкананы маладымі тады даследчыкамі і аспірантамі аддзела Алай Сакалоўскай, Галінай Вештарт, Ліліяй Выгоннай, Іванам Лучыцам-Федарцом і іншымі. Даследавалася ў асноўным лексіка (у тым ліку ў лінгвагеаграфічным аспекце), што знайшло адлюстраванне ў мінскай калектыўнай манаграфіі 1971 г. “Лексіка Палесся ў прасторы і часе” і артыкулах шырока вядомых палескіх сборнікаў “Полесье (Лингвистика. Археология. Топонимика)” і “Лексика Полесья. Материалы для полесского диалектного словаря”, выдадзеных у Маскве ў 1968 г.
Пра цікавасць супрацоўнікаў аддзела да Палесся сведчаць шматлікія артыкулы Івана Лучыца-Федарца і аднаго з ініцыятараў і складальнікаў 5-томнага “Тураўскага слоўніка” (Мінск, 1982–1987) Генадзя Цыхуна. У 2006–2008 гг. у межах выканання тэмы “Лексічная дыферэнцыяцыя гаворак Беларускага Палесся” пры фінансавай падтрымцы Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў групай вучоных пад кіраўніцтвам Івана Лучыца-Федарца (навуковых супрацоўнікаў аддзела Уладзіміра Кошчанкі, Ірыны Лапуцкай, а таксама Галіны Вештарт і Фёдара Клімчука) падрыхтавана і выдадзена манаграфія “Лексіка гаворак Беларускага Прыпяцкага Палесся: Атлас. Слоўнік” (Мінск, 2008), якая складаецца з атласа (159 карт) і вялікага слоўніка, які налічвае больш за 3500 асобных артыкулаў.
На падставе матэрыялаў, якія збіраліся для “Тураўскага слоўніка” быў створаны “Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны”, які выйшаў з друку ў 2016 г. Падрабязней пра яго гл.: http://iml.belcentre.by/publikacyi/linhvistycny-mikraatlas-turauscyny
Выбраныя публікацыі па тэме:
Лучыц-Федарэц І.І. Мовы ў Заходнім Палессі // Гуманітарныя і сацыяльныя навукі на зыходзе ХХ стагоддзя : зборнік навуковых артыкулаў. – Мінск: [АНІГН НАН Беларусі], 1998. – 615 с. – С. 459–461.
І.І. Лучыц-Федарэц. Лексіка вёскі Сычы Драгічынскага раёна // Жывое наша слова: дыялекталагічны зборнік: да 90-годдзя члена-карэспандэнта НАН Беларусі Ю.Ф. Мацкевіч / рэд. Л.П. Кунцэвіч, І.Я. Яшкін. – Мінск: “Беларуская навука”, 2001. – 352 с. – С. 110–115.
Iван I. Лучыц-Федарэц. Паланiзмы ў заходнепалескiх гаворках Беларусi // Studia nad polszczyzną kresową. – T. 10. – Warszawa, 2001. – С. 227–232.
Генадзь Цыхун. Из блокнота участника полесских экспедиций: 1. кумінá водá; 2. Чáгошчы и Чугáйка; 3. крычаць як боўгары // “Etnolingwistyka: problemy języka i kultury” 2000 [T.] 12. – С. 181–187.
Генадзь Цыхун. “Паберкі” з Палесся: 4. У капелюшох; 5. Осетня пора; 6. Поночная ноч; 7. Лічна праўда // Загароддзе. – 2: Матэрыялы навукова-краязнаўчай канферэнцыі “Палессе – скрыжаванне культур і часу”: 25-27 верасня 1999 г., Пінск. – Мінск: “Тэхналогія”, 2000. – С. 111–113.
Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны / [А. А. Крывіцкі і інш.; уклад.: Ф. Д. Клімчук і інш.; навуковы рэдактар Г.А. Цыхун]. – Мінск: Беларуская навука, 2016. – 273, [2] с.