Аддзел славістыкі і тэорыі мовы: на шляху станаўлення

Стварэнне ў свой час сектара агульнага і славянскага мовазнаўства зрабілася надзённай задачай, калі стала зразумелым, што беларускае мовазнаўства не можа абмяжоўвацца выключна ўнутрымоўнымі аспектамі вывучэння беларускай мовы, а павінна даследаваць яе і звонку, у першую чаргу ў кантэксце ўзаемадзеяння з блізкімі ёй генетычна і тыпалагічна славянскімі мовамі. Акрамя таго, наспела неабходнасць у распрацоўцы тэарэтычных пытанняў беларускай лінгвістыкі. 

У пачатку 60-х гг. мінулага стагоддзя Прэзідыум акадэміі і тагачасны дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Міхаіл Суднік зрабілі захады па падрыхтоўцы кадраў для новага структурнага падраздзялення. У 1957–1958 гг. былі прыняты на працу ў інстытут і накіраваны ў аспірантуру вядучых славістычных цэнтраў СССР Вячаслаў Вярэніч (спецыялізаваўся па польскай мове і параўнальным мовазнаўстве ў Інстытуце славяназнаўства і балканістыкі тагачаснай АН СССР пад кіраўніцтвам прафесара Самуіла Бернштэйна) і Генадзь Цыхун (спецыялізаваўся па паўднёваславянскіх мовах у Ленінградскім дзяржаўным універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Юрыя Маслава і ў Сафійскім універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Стойка Стойкава). Адначасова ў інстытут былі запрошаны з іншых гарадоў СССР маладыя, але ўжо дастаткова вядомыя ў славістыцы вучоныя: Віктар Мартынаў з Адэсы, Уладзімір Жураўлёў з Данецкага ўніверсітэта, крыху пазней – Рэйнгольд Краўчук з Акадэміі навук Украіны. Кадравы склад навастворанага аддзела папоўнілі і іншыя таленавітыя даследчыкі, сярод якіх асабліва значны ўклад у развіццё акадэмічнай славістыкі зрабілі Іван Лучыц-Федарэц і Раіса Малько. З самага пачатку загадчыкам сектара быў прызначаны Віктар Мартынаў, які да пераезду ў Мінск у 1960 г. працаваў загадчыкам кафедры замежных моў Адэскага ўніверсітэта. Варта адзначыць актыўны ўдзел у фарміраванні сектара выдатнага расійскага славіста Мікіты Талстога.  

 
 

Кіраўнікі аддзела: 

Віктар Уладзіміравіч Мартынаў кіраваў аддзелам ад заснавання ў 1962 г. да 1990 г. 

Генадзь Апанасавіч Цыхун кіраваў аддзелам з 1992 г. да 2005 г. 

Мікалай Паўлавіч Антропаў кіраваў аддзелам з 2005 г. да 2017 г. 

 

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы